Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Летопись школы 3-й этап проекта

ГІСТОРЫЯ ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ШКОЛЫ

Першыя промні асветы

Галоўчын з’яўляецца самым старажытным населеным пунктам на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. Таму нядзіўна, што з эпохі Сярэдневякоўя тут фіксуецца дзейнасць розных навучальных устаноў, у якіх дзеці мясцовых жыхароў маглі атрымаць годную для свайго часу адукацыю.

У часы Вялікага Княства Літоўскага, у другой палове XVI стагоддзя, князі Галоўчынскія адкрылі ў мястэчку кальвінскі збор (царкву), пры якім дзейнічала пратэстанцкая навучальная ўстанова. Яе навучэнцы асвойвалі граматыку, рыторыку, музыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію, старабеларускую, польскую і лацінскую мовы, гісторыю і паэзію.

З канца XVII стагоддзя па 1832 год у Галоўчыне функцыянаваў каталіцкі дамініканскі кляштар (манастыр), пры якім існавала пачатковая школа граматы. У ёй навучаліся дзеці, якія наймаліся для дапамогі манастыру ці пражывалі пры ім.

Пасля адмены ў Расійскай імперыі прыгоннага права ў 1862 годзе выйшаў царскі ўказ аб адкрыцці пачатковых школ у заходніх губернях. Трэцяе па ліку пачатковае вучылішча на тэрыторыі сучаснага Бялыніцкага раёна было адкрыта ў 1864 годзе ў Галоўчыне. Лёс яго аказаўся вельмі цяжкім. Сяляне з-за сваёй беднасці не маглі яго фінансаваць. Не паклапаціліся аб ім і мясцовыя ўлады. Школьнікі ў перыяд навучальнага года прыносілі дровы для ацяплення памяшкання і лучыны для яго асвятлення. Калі ж вучні разыходзіліся па хатах на святочныя дні, то настаўнік, які жыў пры школе, заставаўся на некалькі дзён у холадзе і цемнаце. Але, не зважаючы на цяжкае становішча, заўсёды былі жадаючыя вучыцца ў школе. У 1864 годзе у ёй вучыліся 30 вучняў, у 1866г. – 27, у 1867г. – 30. Настаўнічаў у гэты час Мікалай Скарубскі. Але ў 1871 годзе ён пакінуў Галоўчын у пошуках месца з лепшымі ўмовамі працы. Яго змяніў Міхаіл Грышкевіч, якому ўдалося знайсці ў мястэчку жыллё, таму што жыць пры школе было складана. Але агульнае становішча самой школы не палепшылася. Таму ў 1873 годзе па распараджэнні дырэкцыі народных вучылішчаў яна была закрыта.

Тым часам свяшчэннік Галоўчынскай царквы Л. Казека спрабаваў аднавіць пачатковую школу ў мястэчку. У 1876 годзе ён пабудаваў для сваёй сям’і новы дом, а дом пры царкве з пяці пакояў, у якім ён жыў раней, быў гатовы аддаць пад школу. Але было вырашана перанесці вучылішча ў Вялікі Нежкаў, які з’яўляўся цэнтрам воласці.

Толькі ў 1883 годзе ў Галоўчыне пачала дзейнічаць аднакласная царкоўна-прыходская школа. У царкоўных школах дзеці вывучалі закон божы, царкоўныя спевы, пачатковыя арыфметычныя дзеянні, вучыліся чытаць і пісаць. Галоўчынская школа мела невялікую бібліятэку, кнігі якой для чытання выдаваліся ўсім жадаючым бясплатна.

Настаўнікамі царкоўна-прыходскіх школ звычайна былі псаломшчыкі, іншыя служыцелі цэрквы і іх дзеці, якія скончылі альбо вучыліся ў духоўнай семінарыі. У Галоўчынскай царкоўна-прыходскай школе ў1891 годзе настаўніцай была дачка свяшчэнніка Надзея Пляшчынская, якая за стараннасць і поспехі ў навучанні мясцовых дзяцей была адзначана епархіяльным кіраўніцтвам.

У 1911 годзе школа, дзякуючы клопатам святара Дабравольскага, ператварылася ў двухкласную, у якой вучылася больш за 120 дзяцей.

На шляху да ўсеагульнай адукацыі

Пасля 1917 года Галоўчынская школа з царкоўна-прыходскай ператвараецца ў школу І ступені, а яе дырэктарам стаў І. Марозаў. Захаваліся звесткі, што ў гэты час у Галоўчынскай школе практыкавалася вучнёўскае самакіраванне. Яно праяўлялася ў тым, што планы работы педагагічнага калектыву (акрамя вучэбных) узгадняліся не толькі з дырэкцыяй, аддзелам адукацыі, але і з вучнямі.

Па ўспамінах жыхара в. Галоўчын Рыгора Бондарава, “дзяцей выключалі са школы, калі нехта з іх наведваў царкву, а бацькі білі, калі сын ці дачка ўступалі ў піянеры. Аднак падлеткі прыстасаваліся да такой сітуацыі: калі даходзілі да школы, павязвалі на шыі піянерскія гальштукі, а пасля заняткаў хавалі іх за пазуху, каб не патрапіць пад гарачую руку бацькі.”

У 1921 годзе школа становіцца сямігодкай. Узначаліў яе Леанід Якаўлевіч Васільеў, а старшым піянерважатым быў Маісей Рубінштэйн, які потым працаваў сакратаром сельсавета і быў растраляны фашыстамі ў 1941 годзе.

У 1936 годзе школа была рэарганізавана ў сярэднюю і размясцілася ў новым двухпавярховым драўляным будынку з шырокімі вокнамі і прыгожым фасадам. Дырэктарам стаў вопытны педагог Фёдар Фёдаравіч Маразевіч. Згодна з рашэннем бюро райкама КПБ, у верасні 1939 года яго накіравалі на працу па ўмацаванні педагагічных кадраў у Заходнюю Беларусь. Кіраўніцтва Галоўчынскай школай было даручана былому завучу Нічыпару ІванавічуЛескаўцу.

Першыя выпускнікі пакінулі сцены Галоўчынскай сярэдняй школы ў 1939 годзе. У ліку іх былі не толькі галоўчынцы, але і дзеці з навакольных вёсак, у тым ліку – з Навасёлак, Нежкава, Кудзіна, Комсенічаў, Мерчы, Лазіц. Усяго вучнёўскі кантынгент дасягаў у той час 500 школьнікаў.

Трывалыя веды вучням давалі настаўнікі Н.Л. Анікановіч, М. Акінчыц, А.С. Бельская, В.В. Багамолец, Ю.А. Марозава, М.А. Нікалаева, Г.Ф. Назарэўская, У. Шэлюта, А. Пунінская. Атрыманыя веды дазвалялі выпускнікам школы штурмаваць вышыні навукі і паступаць у прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Анатоль Кустаў стаў студэнтам Маскоўскага горнага інстытута, Валянціна Духовіч паступіла на матэматычны факультэт МДУ імя Ламаносава, Хама Мейсцер вучыўся ў Маскоўскім медінстытуце.

У школе дзейнічалі розныя гурткі: харавы, струнных інструментаў і танцавальны, драматычны, мастацкай гімнастыкі і многія іншыя.

У гады Вялікай Айчыннай вайны настаўнікі Галоўчынскай школы ўсталі на абарону сваёй Радзімы. Усю вайну прайшоў дырэктар школы М.І. Лескавец, які вярнуўся з фронту ў афіцэрскім званні. Настаўніца Ю.А. Марозава літаральна з першых дзён фашысцкай акупацыі ўключылася ў падпольную работу. Настаўнік чарчэння Л.Н. Ганчароў зрабіў схему варожых умацаванняў у Галоўчыне і перадаў яе партызанам. Н.С. Бельская стала сакратаром Вілейскага падпольнага гаркома камсамола. Лётчыка М.С. Мінчанкова зверскі замучылі і забілі фашысты.

Адраджэнне школы

Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Галоўчынскай школе распачаўся першы пасляваенны навучальны год. У жніўні 1944 года дырэктар школы Л.Н. Ганчароў сам зрабіў каля 20 вучнёўскіх сталоў. Настаўніца Ю.А. Марозава ўласнымі сіламі абсталявала класнае памяшканне. Заняткі праводзіліся ў нямецкіх бараках недалёка ад царквы, зямлянках, наёмных памяшканнях. Кабінетам для дырэктара і настаўніцкай служыла зямлянка. Восенню пайшлі дажджы, абвалілася перакрыцце і абсыпалася зямля. Калгасніца Марыя Шпількова прапанавала педагогам сваю невялікую хату. У ёй размясцілі шэсць класных пакойчыкаў. У школе займалася 450 вучняў.

Выпускнік школы Міхаіл Казлоў так апісваў гэта ў сваім вершы “Памяць”:

Вось толькі памяць, як магнітам,

Вяртае нас да тых гадоў.

Нішто з дзяцінства не забыта,

І мы ўяўляем зноў і зноў.

Барак трафейны, на разжытак,

І першы школьны ў ім званок,

З лісткоў газетных першы сшытак,

У чарнільніцы – бурачны сок.

І саматканую кашулю,

І хлеб з мякінай папалам,

Настаўніцу, што як матуля,

Усё сэрца аддавала нам…

Тым не менш школа адраджалася. Для таго, каб моладзь магла працягваць перапыненую вайной адукацыю, арганізоўваліся вячэрнія школы рабочай і сельскай моладзі. У 1946 годзе ў нашым раёне дзейнічалі тры такія школы, у тым ліку ў Галоўчыне – школа сельскай моладзі. Заняткі праводзіліся чатыры разы ў тыдзень па чатыры гадзіны.

У 1947 годзе школа зноў была ператворана ў сярэднюю. Дырэктарам яе тады працаваў Якаў Фадзеевіч Лужанкоў, вучнёўскі калектыў неўзабаве вырас да 500 дзяцей.

Летам 1949 года некалькі драўляных будынкаў звезлі ў адно месца і пачалі будаваць школьнае памяшканне на шэсць класаў. Яно размяшчалася амаль што на месцы былой школы, спаленай фашыстамі (зараз там знаходзіцца спартыўная зала і майстэрні). Будынак узводзілі сваімі сіламі. Будаўніцтва вялося з ранку да позняга вечара. Увесь свой адпачынак настаўнікі працавалі ў калгасе, на будаўніцтве школы, участковай бальніцы, клуба, ездзілі ў лес нарыхтоўваць будаўнічы матэрыял і дровы для школы. Старшыня забалоцкага калгаса “Чырвоны ўдарнік” Ф.П. Буякоў выдзеліў цяслярскую брыгаду, дапамог транспартам, хоць у калгасе была толькі адна машына.

Новы навучальны год пачаўся ў новай школе. Заняткі вяліся ў дзве змены. Працавала і вячэрняя школа. Па-ранейшаму скарыстоўваліся і наёмныя памяшканні. У класах было па 40 і больш чалавек, на кожны клас выдавалі 3-4 падручнікі. Вучні сядзелі на драўляных лаўках, за “козлікамі”, якія рабілі з шалёвак. Не хапала новых парт, паперы, класных журналаў, дзённікаў. Пісалі на шпалерах, старых газетах, грыфельных дошках. Рабілі самаробныя ручкі для пісьма, лямпы-капцілкі для асвятлення пакояў.

Новаму часу – новая школа

У 1953 годзе быў закладзены падмурак новай школы, пачалося будаўніцтва яе двухпавярховага мураванага будынка. 1 верасня 1955 года ў прасторных светлых класах новай школы пачаліся заняткі. Калектыў установы адукацыі ўзначаліў Пётр Максімавіч Кубараў. У 1967 годзе яму на змену прыйшоў былы завуч Павел Максімавіч Севярнёў.

З 1976 года дырэктарам Галоўчынскай школы з’яўлялася Святлана Мікалаеўна Альшэўская, з 1979 па 1985 год установу адукацыі ўзначальваў Мікалай Аляксандравіч Гузнякоў. У гэты час адбывалася далейшае ўмацаванне і пашырэнне вучэбна-матэрыяльнай базы школы. Дзеці займаліся працоўным навучаннем у школьнай майстэрні, быў арганізаваны краязнаўчы музей, узведзена новая спартыўная пляцоўка, дзейнічалі краязнаўчы, турыстычны, матэматычны, стралковы і іншыя гурткі.

З 1985 па 1988 год дырэктарам школы з’яўляўся Леанід Кліменцьевіч Кавалёў, з 1988 па 1998 год – Рыгор Іванавіч Арлоў, з 1998 па 2002 год – Лідзія Аляксандраўна Шчацінка, з 2002 па 2005 – Галіна Уладзіміраўна Бародзіч і Віктар Віктаравіч Ціхановіч. З 2005 года па 2023 год - Ірына Пятроўна Глушак. З 2023 года па цяперашні час калектыў Галоўчынскай сярэдняй школы ўзначальвае Аляксандр Анатольевіч Шут

Дарэчы, многія настаўнікі Галоўчынскай школы самі з’яўляюцца яе выпускнікамі: Б.В. Глушак (працоўнае навучанне і фізіка), Р.М. Магілеўчык (беларуская мова і літаратура), Кавалёва А.В. (пачатковае навучанне), Хрушчова Г.Я. (геаграфія), Д.М. Булановіч (інфарматыка і матэматыка), А.Б. Супіталёў (гісторыя), Д.А. Собалеў (матэматыка).

Заслужаныя настаўнікі БССР, якія працавалі ў Галоўчынскай СШ

Юлія Андрэеўна Марозава

Ганна Лук’янаўна Жалаковіч

Ева Якаўлеўна Лабачова

Леанід Якаўлевіч Васільеў

Знакаміты выпускнік, акадэмік і дзяржаўны дзеяч Міхаіл Севярнёў

Разделы сайта